СМІ́ЛАВІЦКІ ПАЛА́ЦАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-палацавай архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны на месцы замка 17 ст. Мае рысы рамантызму і эклектыкі. Уключаў 2 палацы, шэраг гасп. пабудоў, парк пейзажнага тыпу (захаваўся фрагментарна). Цэнтр. будынак — 2-павярховы прамавугольны ў плане палац (не захаваўся) з эркерамі, атыкам, раскрапаваны пілястрамі і карнізамі, завершаны невял. бельведэрам. У палацы быў зімовы сад, багаты архіў (захаваліся дакументы ўладальнікаў маёнтка Агінскіх, Манюшкаў, Ваньковічаў), вял. б-ка. калекцыя твораў выяўл. мастацтва, сярод якіх карціна В.​Ваньковіча «Адам Міцкевіч на скале Аюдаг», 1828). Другі палац — прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з эркерамі, завершаны 2-схільным дахам. На паркавым фасадзе 3-павярховы вежападобны аб’ём. Уваход на гал. фасадзе вылучаны 3-павярховым рызалітам з 2 фланкіруючымі гранёнымі вежачкамі, завершаны невысокімі шатрамі і шпілямі. Вежа паркавага фасада ўпрыгожана рустам, валютамі, складаным абрамленнем акна 3-га яруса, завершана атыкам, зубцамі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Смілавіцкі палацавы комплекс. Фрагмент галоўнага фасада новага корпуса палаца.

т. 15, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)